ПАСА́ДСКІЯ ЛЮ́ДЗІ,
прынятая ў гіст. л-ры назва гандл.-рамеснага і прамысл. насельніцтва гарадоў і ч. паселішчаў гар. тыпу (пасадаў, слабод) Стараж. Русі і Расіі 10—18 ст. Тэрмін «Пл.» паходзіць ад слова «пасад» і сустракаецца ў крыніцах з 15 ст. П.л. аб’ядноўваліся ў абшчыны на чале з земскімі старастамі, якія адказвалі за своечасовую выплату падаткаў і выкананне розных дзярж. павіннасцей. Паводле Саборнага ўлажэння 1649 у склад Пл. увайшлі жыхары скасаваных прыватнаўласніцкіх гар. слабод. У 1775 урад падзяліў Пл. на гільдзейскае купецтва і мяшчан. Паводле Жалаванай граматы гарадам 1785 Пл. — бяднейшы з 6 разрадаў прамысл. і рамеснага насельніцтва гарадоў. У далейшым гэтая катэгорыя паступова злілася з мяшчанамі.
т. 12, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)